АНАТАЛІ́ЙСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
унутраная ч. Малаазіяцкага нагор’я, у Турцыі. Даўж. каля 700 км (з З на У), шыр. 400 км (з Пн на Пд). На Пн абмежавана Пантыйскімі гарамі, на Пд — гарамі Таўр. Паверхня выраўнаваная, слаба расчлянёная, пераважныя выш. 800—1500 м, найб. — 3916 м (вулкан Эрджыяс). Складзена ў асн. з асадкавых парод, адзначаны праяўленні вулканізму. Радовішчы бурага вугалю. Клімат субтрапічны, кантынентальны. Ападкаў ад 200 да 500 мм за год, максімальныя — вясной. Анаталійскае пласкагор’е перасякаюць рэкі Кызыл Ірмак, Сакар’я і інш. Ёсць саланчакі і салёныя азёры (воз. Туз і інш.). Глебы шэрыя і бурыя. Расліннасць — сухі палынова-злакавы стэп (у гарах) і паўпустыні з зараснікамі калючых падушкападобных хмызнякоў. Аазіснае земляробства, жывёлагадоўля.
т. 1, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)